Гимназия-колледж искусств им.Ахремчика

ІНТЭРАКТЫЎНАЯ ВЫСТАЎКА "БАТЛЕЙКА"

З 28 лютага ў Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь працуе інтэрактыўная выстаўка "Батлейка", на якой экспануецца больш за дваццаць лялек, зробленых на занятках па дызайну вучнямі 7 "Б" класа гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка пад кіраўніцтвам вядомай беларускай мастачкі, сябры Саюза беларускіх мастакоў Алены Васільеўны Піскун.
Гэта творчы вынік унікальнага праекта. Вучні дасканала вывучылі традыцыі вырабу лялек для батлейкі, потым кожны сам, уручную ўвасабляў свайго героя альбо героеў. Напрыклад, Вераніка Шалухіна зрабіла Антоніху, Вера Маланава - Чорта, Віталія Фралова - Воіна, Данііл Дземідовіч - Цыгана, Марыя Зленка - Пісьменніка, Марыя Сцяцко - Бабу ...
Паказы народнага тэатра "Батлейка" ладзяцца звычайна на Каляды. Але лялькі былі такімі дасканалымі, што супрацоўнікі музея, і ў прыватнасці, ягоны дырэктар, кандыдат мастацтвазнаўства, аўтар шматлікіх манаграфій і падручнікаў па гісторыі мастацтва Барыс Андрэевіч Лазука прапанавалі пакінуць іх на некалькі месяцаў у экспазіцыі музея.
На адкрыцці было сказана шмат цёплых словаў, наведвальнікі не хавалі свайго захаплення, а адна з супрацоўніц не ўтрымалася і разыграла са зробленымі вучнямі лялькамі некалькі інтэрмедый. Пра гэтую выстаўку расказалі радыёканал "Культура", Беларускае тэлебачанне, газеты і часопісы.
Аўтар - Багданава Г.Б.; фота М.І. Ваўчка





   rki@mail.by