Гимназия-колледж искусств им.Ахремчика

МІЖНАРОДНЫ БЕЛАРУСКА-ФРАНЦУЗСКІ ПРАЕКТ
"Мроі пра Парыж"

Так называўся Міжнародны беларуска-французскі праект, над якім пад кіраўніцтвам Л.М. Шахавай на працягу гэтага навучальнага года працавалі навучэнцы гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка, дзе вучацца таленавітыя дзеці з усёй нашай рэспублікі. Яго вынікам стала выстаўка лепшых работ юных мастакоў і канцэрт у Доме дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.

Гасцей вечарыны віталі Першы Саветнік Пасольства Францыі ў Мінску спадарыня Ліз Тальбо-Баррэ, кіраўнік асацыяцыі "Наталья Сэн Венан Хуманітэр" спадарыня Сіндзі Раббэ. Якраз дзякуючы гэтай арганізацыі многія беларускія дзеці атрымалі магчымасць наведаць Францыю. А ў гэты вечар яны разам з бацькамі сустракалі ў Мінску сваіх французскіх дарослых сяброў, у якіх гасцявалі. Вечарына ў Доме дружбы стала для іх, па-сутнасці, першым знаёмствам з беларускай культурай. І тое, што на нашай зямлі жывуць такія таленавітыя юныя мастакі і музыканты, якія выдатна ведаюць не толькі беларускую, але і французскую культуру, гасцей вельмі расчуліла. Узорны цымбальны аркестр "Абярэг" (кіраўнік А. Аўраменка) выканаў "Беларускія танцы" Іосіфа Жыновіча, Уверцюру да оперы "Кармэн" Ж. Бізэ, узорны духавы аркестр "Фанфары Нямігі" (кіраўнік Э.Каліноўскі) творы "Вечная любоў" Ш. Азнавура, музыку з к/ф "Шэрбургскія парасоны" М.Легла, "Дзякуй, Парыж" Р. Рэнарда. У выкананні Ганны Лабкоўскай і Альбіны Тонкіх і (клас выкладчыцы Т.М. Градковай) прагучалі "Арабескі соль мажор" і прэлюдыя "Генерал Лявінэксцентрык" К. Дэбюсі. Юныя музыканты і мастакі з гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка, якіх прадставіла намеснік дырэктара А.Р. Іванова, не былі ў Францыі, але, па настроі гасцей было відаць, што яны майстарскі перадалі атмасферу Парыжа. Разглядаючы творы юных мастакоў А.Цімашэнкі ("Сцежкамі Ван Гога"), Д. Данільчанка ("Горад засынае"), Ул. Юрчанкі ("Мой шлях да Парыжа"), Э. Каляды ("Фестываль фіялак"), Л. Холінай ("З марай пра Парыж") і іншыя, хтосьці заўважыў, што цудоўная музыка і карціны дакладна перадаюць атмасферу слыннага парыжскага Манмартра.

Вучаніца 6 "Б" класа Ганна Гарбацэвіч, якая натхнёна вывучае французскую мову, назвала сваю карціну "Я беларуска, але я люблю Францыю". Юныя мастакі і музыканты толькі пачынаюць сваё творчае жыццё і, вядома ж, абавязкова калі-небудзь наведаюць Парыж. І там згадаюць сваю першую сустрэчу з французскай публікай у Доме дружбы.

Богданова Галина Борисовна, учитель истории искусств, журналист, автор книги "Великие художники ХХ столетия".
   rki@mail.by